ЛІТО́ЎСКАГА ПІЯНЕ́РНАГА БАТАЛЬЁНА ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1825.
Адбылося 24.12.1825 у мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (зараз на тэр. Польшчы) пад кіраўніцтвам тайнай арг-цыі «Ваенныя сябры» з мэтай сарваць прысягу батальёна цару Мікалаю I. У 8 гадз раніцы батальён (1020 чал. з 1109 па спісе) быў пастроены на зборным месцы. Пасля зачытання маніфеста аб уступленні на прастол Мікалая I салдаты пад кіраўніцтвам ротных камандзіраў адмовіліся ад прысягі. Камандзір батальёна Обручаў намагаўся пераканаць салдат прыняць прысягу, пагражаў адправіць салдат у Сібір. Потым загадаў ротам адправіцца на свае кватэры па вёсках і паслаў у штаб корпуса данясенне. 25 снеж. ў Бранск прыбыў нач. штаба Літоўскага асобнага корпуса Н.А.Вельямінаў, пад уздзеяннем якога 26 снеж. батальён і яго каманды прынеслі прысягу. Кіраўнікі выступлення былі арыштаваны і пакараны ўладамі.
В.В.Швед.
т. 9, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)